Партыя Статкевіча сабралася на выбары
- 15.05.2012, 10:58
Аргкамітэт па стварэнні БСДП (НГ) лічыць абавязковым прыняць удзел у бліжэйшай электаральнай кампаніі.
«Няўдзел апазыцыі ў выбарах не з'яўляецца падставай для іх міжнароднага непрызнання, гэтак жа як удзел не з'яўляецца падставай для іх прызнання», - гаворыцца ў рэзалюцыі «Аб унутрыпалітычнай сітуацыі і ўдзеле ў парламенцкай кампаніі», прынятай 14 мая прэзідыумам аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял- дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), паведамляе БелаПАН.
Аўтары лічаць, што за паўтара гады, якія прайшлі з моманту прэзідэнцкіх выбараў, палітычныя партыі «не змаглі кансалідавацца і выпрацаваць эфектыўную стратэгію для новых умоваў дзейнасці». Да парламенцкай кампаніі 2012 «адсутнічаюць агульныя падыходы дэмакратычных сіл». «Паколькі адсутнічае прагрэс у дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства, задачамі ўдзелу дэмакратычных сіл у парламенцкай кампаніі павінныя быць: карыстанне легальнымі магчымасцямі для агульнанацыянальнай агітацыйнай кампаніі, правядзенне скаардынаваных акцый пратэсту па ўсёй краіне ў фармаце сустрэч з выбаршчыкамі, збор доказаў фальсіфікацыі выбараў», - падкрэсліваецца ў рэзалюцыі .
«Маючы на мэце актывізацыю кампаніі за вызваленне Мікалая Статкевіча і іншых палітвязняў; павышэнне інфармаванасці грамадства; рост вядомасці і аўтарытэту БСДП (НГ)», прэзідыум аргкамітэта лічыць «абавязковым прыняць удзел у бліжэйшай электаральнай кампаніі, у тым ліку ў межах кампаніі «За справядлівыя выбары 2012». Размова, у прыватнасці, ідзе аб вылучэнні прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, а таксама ў арганізацыі сістэмы назірання за «парламенцкімі выбарамі», кандыдатаў у дэпутаты і падтрымку кампаніі кандыдатаў ад дэмакратычных сіл у асобных колах. Кампанія «павінная завяршыцца ўсебаковым аналізам яе эфектыўнасці».