Больш за 70 пікетаў «За сумленныя выбары без Лукашэнкі» забароненыя
- 15.05.2012, 15:58
Улады адмовілі Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) у правядзенні 15 мая больш чым 70 пікетаў «За сумленныя выбары без Лукашэнкі».
«Ні ў адным рэгіёне мы не атрымалі ні аднаго станоўчага адказу на нашыя заяўкі», - сказаў у інтэрв'ю БелаПАН лідэр АГП Анатоль Лябедзька.
Лябедзька адзначыў, што, падаючы заяўкі на пікеты, АГП хацела у тым ліку «пратэставаць» улады на прадмет таго, як будзе праводзіцца агітацыйная кампанія падчас парламенцкіх выбараў. «Улада тэст праваліла. Сам я падаваў заяўку на правядзенне пікету на пляцоўцы каля коамы «Радзівілаўскі». Сваю адмову Менгарвыканкам матываваў правядзеннем рамонту існуючых і ўладкавання дадатковых парковачных месцаў. Я не паленаваўся і схадзіў сёння да крамы: ніякія працы там не праводзіліся», - сказаў ён.
Палітык паведаміў, што падчас выбараў 2008 і 2010 гадоў праводзіў пікеты менавіта на пляцоўцы каля крамы «Радзівілаўскі», аднак «зараз улады пад любымі надуманымі прычынамі адмаўляюць у любым пікетаванні».