Шнур выступіць у Менску, нягледзячы на папярэджанне Генпракуратуры
- 15.05.2012, 16:09
Пра гэта сайту charter97.org паведаміў піяр-менеджэр гурта «Ленінград» Дзяніс Вейко.
Шоў з удзелам каманды Сяргея Шнурава запланаванае 18 мая ў менскім клубе Dozari.
«Мы ведаем аб папярэджанні, вынесеным Генпракуратурай Беларусі. Але, наколькі я ведаю, усё ў парадку. Арганізатары змаглі ўсё вырашыць, і 18 мая мы выступім у Менску па плане. Нішто не паўплывае на наш канцэрт», - сказаў Дзяніс Вейко.
На пытанне, ці не значыць гэта, што з песень Сяргея Шнурава будуць «прыбраныя» нецэнзурныя словы, піяр-менеджэр адказаў:
«Ніхто нас не прасіў выкідваць словы з песень. Ды гэта і не ў нашых правілах. Мы гэтага рабіць не будзем».
Нагадаем, учора генпракуратура Беларусі вынесла папярэджанне арганізатарам канцэрту і ўдзельнікам расейскага гурта «Ленінград». Іх папярэдзілі аб недапушчальнасці нецэнзурнай лаянкі падчас выступаў.
«Арганізатары канцэрта і ўдзельнікі адыёзнага расейскага гурта «Ленінград» папярэджаныя аб адказнасці за выкарыстання падчас сваіх канцэртаў у Менску нецэнзурнай лаянкі», - паведаміў начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законных прававых актаў Генеральнай пракуратуры Беларусі Павел Радзівонаў.