На Канскім кінафестывалі прагучыць песня Касі Камоцкай (Аўдыё)
- 15.05.2012, 16:52
Стваральнікі стужкі «У тумане» выйдуць да гледачоў пад песню «Мой паляўнічы» з «Народнага альбома».
За дазволам на гэта яны звярнуліся да выканаўцы песні Касі Камоцкай, паведамляе «Еўрарадыё».
«Справа ў тым, што ў іх у фільме наогул няма музыкі, - распавядае Кася Камоцкая. - Я ўчора размаўляла... Таму што мяне таксама зацікавіла, пры чым тут я. А ў іх вельмі класны гукарэжысёр, ён беларус. І я кажу: «Так што, няма музыкі ў вас?» - «Не, кажуць, у нас толькі птушыныя спевы».
Фільм «У тумане» - сумесны праект кінематаграфістаў з Беларусі, Расеі, Латвіі, Германіі і Нідэрландаў. Рэжысёр стужкі Сяргей Лозніца нарадзіўся ў Баранавічах, а выканаўца галоўнай ролі Уладзімір Свірскі - у Барысаве.
У гэтым годзе «У тумане» патрапіў у асноўную праграму 65-га Канскага кінафестывалю. За Залатую пальмавую галіну Сяргей Лазніца будзе змагацца з Дэвідам Кроненбергам, Аленам Рэнэ і іншымі сусветна вядомымі рэжысёрамі. Прэм'ера фільма адбудзецца на Канскім кінафестывалі 24 мая.