«Першы» візіт Пуціна будзе ў Казахстан, а не ў Беларусь
- 16.05.2012, 14:03
Прэзідэнт Расеі прыняў запрашэнне наведаць Казахстан 25 мая.
Першай краінай, якую наведае У.Пуцін на сваім трэцім прэзідэнцкім тэрміне, усё ж стане Казахстан, а не Беларусь, як паспяшаліся паведаміць мясцовыя афіцыйныя СМІ. І хоць прэс-служба Крамля сёння пацвердзіла, што Пуцін прыедзе ў Беларусь 31 мая, тыднем раней прэзідэнт РФ пабывае ў Казахстане, перадае АФН.
У паведамленні прэс-службы Крамля адсутнічаюць ўдакладнення кшталту «першы візіт» ці «першая краіна, якую наведае прэзідэнт РФ».
«31 мая Уладзімір Пуцін наведае Беларусь з працоўным візітам. Дамоўленасць была дасягнутая ў аўторак падчас размовы кіраўніка Расейскага дзяржавы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам», - гаворыцца ў паведамленні.
Між тым, учора на перамовах з прэзідэнтам Казахстана Н.Назарбаевым, якія адбыліся ў межах нефармальнага саміту СНД, Пуцін прыняў запрашэнне наведаць Казахстан 25 мая.
Са стэнаграмы сустрэчы Пуціна і Назарбаева:
«Н.НАЗАРБАЕЎ: Самае галоўнае, Уладзімір Уладзіміравіч, 25 мая спаўняецца 20 гадоў базавай Дамове аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе. Некаторыя яе артыкулы састарэлі, мы іх абагналі ў сувязі са стварэннем Мытнага саюза. Я б хацеў, каб мы гэта не прапусцілі: унеслі змяненні і працягнулі яе. Таму я запрашаю Вас з візітам да мяне.
У.ПУЦІН: Прымаю з задавальненнем».
Стэнаграма сустрэчы Пуціна і Назарбаева апублікаваная на сайце Крамля. А вось стэнаграмы зносінаў Пуціна і Лукашэнкі там няма, што кажа аб тым, што прэзідэнт РФ не палічыў неабходным мець зносіны з Лукашэнкам, альбо гэтая сустрэча была строга засакрэчана, альбо насіла «інтымны» характар («нахіліць», «на калені»).