Настаўнікаў прымушалі ўсміхацца Козіку
- 17.05.2012, 11:27
Перад візітам Козіка ў Мікашэвічы настаўнікаў пад пагрозай звальнення «папрасілі» ўсміхацца і казаць, што ўсё добра.
16 мая Мікашэвічы наведала дэлегацыя прадстаўнікоў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі на чале са старшынём Леанідам Козікам.
Ніякай інфармацыі ў прэсе аб гэтым візіце ў Мікашэвічы Леаніда Козіка і ягоных калегаў не было. Аднак кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстановаў адукацыі ў Мікашэвічах пра прыезд дэлегацыі папярэдзілі загадзя, каб яны змаглі даць указанні сваім работнікам.
Ніна Адамаўна, настаўніца адной са школ распавяла «Беларускім рэгіянальным навінам»:
- Сёння ранкам адбылася вытворчая нарада, на якой дырэктар школы паведаміла нам пра прыезд прафсаюзнай дэлегацыі і беларускага тэлебачання, прасіла ўсміхацца і казаць, што ўсё добра. Ніякіх скаргаў ці просьбаў. Дэлегацыя-та паедзе, праблемы застануцца. Незадаволеных абяцалі сурова пакараць, ажно да звальнення!
Жыхары Мікашэвічаў лічаць, што госці прыехалі ў сувязі з гучнымі падзеямі на РУВП «Граніт». Нагадаем, у пачатку мая прайшла інфармацыя пра тое, што больш за 400 працоўных «Граніту» напісалі заявы аб звальненні ў сувязі з нізкім узроўнем заробкаў. Крыху пазней галоўны інжынер прадпрыемства Эдуард Гаўрылковіч паведаміў БелаПАНу, што дадзеная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці.