«Беларуськалій» па такім кошце нікому не патрэбны
- 17.05.2012, 12:17
Менск гатовы прадаць расейскаму боку прадпрыемства «Беларуськалій», але пакуль няма жадаючых заплаціць па абвешчаным кошце.
Пра гэта паведаміў амбасадар Беларусі ў РФ Андрэй Кабякоў.
«Прапановаў ад расейскага боку, якія адпавядалі б гэтаму кошту, не было. Кошт названы, калі ёсць жадаючыя, мы гатовыя размаўляць», - сказаў ён у чацвер на прэс-канферэнцыі ў Маскве, адказваючы на пытанне «Інтэрфакса».
«Калі згоды няма, то няма пакуль і ўгоды», - дадаў амбасадар, адзначыўшы, што кошт расце з улікам інфляцыі.
Аляксандр Лукашэнка заявіў 8 мая, што кошт прыватызацыі ААТ «Беларуськалія» вырас да $31,5-32 млрд з $30 млрд, пра якія ён вёў гаворку ў мінулым годзе.
«Паўтараю ў які раз: мы гатовыя прыватызаваць нават «Беларуськалій». Але гэта пытанне кошту. Сёння гэта ўжо $32 млрд, ну, можа, $31,5 млрд», - сказаў А.Лукашэнка, выступаючы ў аўторак з традыцыйным пасланнем беларускаму народу і «парламенту».
«Жадаючыя - прыходзьце. Няма жадаючых: ну што ж, няма дык няма», - пазначыў сваю пазіцыю кіраўнік.
«Беларуськалій» з'яўляецца адным з трох найбуйнейшых пастаўшчыкоў калійных угнаенняў на сусветным рынку. Доля прадпрыемства ў сусветнай вытворчасці калійных угнаенняў складае каля 15%, у сусветным экспарце калію - больш чым 16%.