BE RU EN

Яшчэ адну незалежную журналістку выклікаюць у пракуратуру

  • 18.05.2012, 9:42

Гомельскую незалежную журналістку Ларысу Шчыракову выклікаюць у пракуратуру на 24 мая да пракурора аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства Алесі Рабцавай.

Дадзеная супрацоўніца пракуратуры вядомая сярод незалежных журналістаў як «спецыяліст па СМІ». Алеся Рабцава выносіла пракурорскія папярэджанні за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ шэрагу мясцовых журналістаў, піша ПЦ «Вясна».

Год таму Ларыса Шчыракова ўжо размаўляла з Алесяй Рабцавай ў будынку пракуратуры. Пракурора хвалявала - ці не супрацоўнічае журналістка з тэлеканалам «Белсат». Але на той час абышлося без афіцыйнага папярэджання. Дарэчы, у позве не напісана, з якой нагоды Ларыса Шчыракова выклікаецца, але сама журналістка лічыць, што выклік звязаны з яе прафесійнай дзейнасцю, якая не падабаецца ўладам і сілавым структурам.

Журналістка ўжо шмат разоў падвяргалася прэсінгу з боку ўладаў: яе затрымлівалі міліцыянты амаль на ўсіх акцыях маўклівага пратэсту летам 2011 года, якія праходзілі кожную сераду. А пасля прэзідэнцкіх выбараў 2011 года ў журналісткі прайшоў ператрус, у выніку якога яна пазбавілася прафесійнай тэхнікі.

Апошнія навіны