Сяргея Каваленку перавялі на Валадарку
- 2.05.2012, 17:12
Палітвязня Сяргея Каваленку этапавалі з ахоўнага аддзялення Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя ў Навінках.
Аб гэтым даведалася ягоная жонка Алена, перадае «Радыё Рацыя».
Зараз Сяргей Каваленка знаходзіцца ў следчым ізалятары МУС на вуліцы Валадарскага ў Менску.
«Этапавалі яго праз СІЗА-1, цяпер ён на Валадарцы, а далей куды яго накіруюць - невядома. У абласным судзе не кажуць пра гэта, маўляў, яны не вырашаюць, куды яго этапаваць. Можна толькі здагадвацца, што ў бок Віцебска. У калонію яны не маюць права яго накіраваць, яшчэ прысуд не ўступіў у законную сілу. Можа яго накіруюць ў наш віцебскі СІЗА», - сказала Алена Каваленка.
Паводле Алены Каваленка, аб выніках псіхіятрычнай экспертызы, якую яе муж праходзіў у Навінках, пакуль нічога не вядома. Ёй паведамілі, што яна пішацца. Але на думку Алены Каваленкі, калі б яго прызналі хворым, то наўрад ці б этапавалі з Навінак.
«Падчас апошняй нашай сустрэчы ён сказаў, што калі зноў адчуе на сабе ціск, то адновіць сваю галадоўку. Цяпер сядзець у ягоным стане, з ягоным падарваным здароўем небяспечна - гэта можа вельмі дрэнна і хутка скончыцца. Яму так і не далі нармальна выйсці з галадоўкі», - кажа Алена Каваленка.