«Стаяць, с...кі, будзем страляць!» (Відэа)
- 20.05.2012, 15:34
Як віцебскія міліцыянты арыштоўвалі жонку палітвязня.
Раніцай 18 мая каля будынка абласнога суда ў Віцебску, дзе павінны быў аднавіцца разгляд касацыйнай скаргі Сяргея Каваленкі, затрымалі ягоную жонку Алену Каваленка і стрыечнага брата, а таксама актывістку грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алену Семенчукову. «Пад'ехала машына з міліцыянтамі, яны выскачылі з аўтамабіля, пачалі крычаць: «Стаяць, с...кі! Будзем страляць!», што мяне вельмі здзівіла і ўразіла. - распавядае «Белсату» Алена Каваленка. - Нас трымалі больш за сем гадзін, спачатку ў Кастрычніцкім РАУС, пасля завезлі ў нейкі апорны пункт, там з намі размаўлялі 2 кадэбэшніка. Дарэчы, аднаго з іх я пазнала: ён быў падчас нашай апошняй акцыі, стаяў на прыпынку і адтэлефаноўваўся некаму».
Тым часам Віцебскі абласны суд адхіліў касацыйную скаргу Сяргея Каваленкі на прысуд суда Першамайскага раёна Віцебска. «Гэта замова рэжыму, яны зацікаўленыя знішчыць Сяргея, сапсаваць яму здароўе», - заявіла Алена Каваленка. Жонка палітвязня паведаміла, што мае намер разам з адвакатамі рыхтаваць наглядную скаргу на судовае рашэнне.
27 лютага суд Першамайскага раёна пад старшынствам Алены Жук прызнаў С.Каваленку вінаватым ва ўхіленні ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 Крымінальнага кодэкса). Гаворка ідзе пра прысуд, вынесены актывісту ў маі 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска, - тры гады пазбаўлення волі ўмоўна. Каваленку затрымалі 19 снежня 2011 года і з тых часоў не выпускаюць з турмы.