Міністр інфармацыі абяцае газетам хуткую «крышку»
- 21.05.2012, 13:38
Сродкі масавай прапаганды чакаюць цяжкія часы.
Як паведамляе БелТА, адказваючы на пытанні журналістаў ва Ушачах, міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі спрагназаваў, што да 2020 года папяровыя версіі газет выйдуць з ужытку. Верагодна, і па гэтай прычыне ў тым ліку ўжо зараз паўстала ідэя аб'яднання чатырох дзяржаўных газет у адну, піша «Салiдарнасць».
Будучыня - за Інтэрнэтам, прызнае Праляскоўскі. Таму перад дзяржаўнымі СМІ ставіцца задача стварэння ўласных магутных онлайн-рэсурсаў. Гэтым заклапочаныя не толькі газеты - Белтэлерадыёкампанія засноўвае «самастойны канал, які будзе вяшчаць у Інтэрнэце».
Заняць вядучыя пазіцыі ў Байнэце дзяржСМІ спрабуюць не першы год. Праблема заключаецца ў тым, што ў Сеціве немагчыма арганізаваць прымусовую падпіску. У выніку онлайн-версіі афіцыйных выданняў па ўсіх артыкулах прайграюць незалежным інтэрнэт-СМІ.
Прадказаная міністрам інфармацыі «крышка» для друкаваных версій да 2020 года непазбежна вядзе да разбурэння існуючай прапагандысцкай мадэлі. З яе, акрамя газет, будуць паступова выпадаць і іншыя блокі. У прыватнасці, чым больш беларусы карыстаюцца Інтэрнэтам, тым менш яны глядзяць эфірныя дзяржканалы. Перспектывы онлайн-канала, які ствараецца на базе БТ, выглядаюць вельмі і вельмі сумніўнымі: усім вядома, які «цікавы і якасны» прадукт вырабляе гэтая кампанія.
Слабее ўплыў традыцыйных дзяржаўных СМІ, што стварае дадатковыя шанцы для апазіцыі ў барацьбе за розумы і галасы беларусаў. Вось толькі палітыкі-дэмакраты выкарыстоўваюць магчымасці Інтэрнэта максімум, на 10%...