BE RU EN

Сяргей Каваленка этапаваны ў магілёўскую калонію № 19

  • 21.05.2012, 13:50

Актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі - БНФ Сяргей Каваленка этапаваны ў магілёўскую калонію № 19.

Па словах ягонай жонкі Алены Каваленкі, 20 мая ён ужо знаходзіўся ў гэтай калоніі, перадае «Радыё Рацыя».

Раней там адбываў пакаранне экс-кандыдат у прэзідэнты Зміцер Ус, а зараз утрымліваецца асуджаны анархіст Павел Сырамалотаў.

«Этапавалі ў суботу, яго ў следчым ізалятары ўжо не было. Што да галадоўкі, да стану здароўя - гэтага нічога не ведаю. Я ж з ім не бачылася. Мне не далі сустрэцца з ім, падманулі. Я была ў следчым ізалятары з 16 да 17 гадзін у пятніцу, адразу пасля касацыйнага разгляду скаргі. Мне сказалі, што дакументы яшчэ не паступілі з суда. Адразу пасля СІЗА паехала ў суд. Там мне сказалі, што дакументы кур'ерам былі дастаўленыя ў СІЗА. Проста яны не захацелі даваць спатканне, каб я нешта даведалася больш падрабязна пра стан здароўя», - распавяла жонка палітвязня.

Сяргей Каваленка аднавіў галадоўку 8 мая. Гэта ўжо трэці этап галадоўкі, якую ён пачаў адразу пасля арышту 19 снежня 2011 года. Каваленка быў асуджаны на 2 гады і 1 месяц пазбаўлення волі нібыта за парушэнне хатняй «хіміі». А да гэтага пакарання ён быў прысуджаны за тое, што ўзняў бел-чырвона-белы сцяг на навагодняй ёлцы ў Віцебску.

18 мая Віцебскі абласны суд пакінуў прысуд Сяргею Каваленку ў сіле. Ён і ягоная абарона рыхтуюць наглядную скаргу на прысуд. Ягоны адвакат таксама падаў наглядную скаргу старшыні Віцебскага абласнога суда на першы прысуд за нацыянальны сцяг на ёлцы.

Апошнія навіны