Хілары Клінтан: НАТА будзе пашырацца
- 22.05.2012, 9:41
Паўночнаатлантычны альянс падтрымлівае імкненне Грузіі, Чарнагорыі, Македоніі, Босніі і Герцагавіны стаць яго сябрамі.
Пра гэта гаворыцца ў заяве, прынятай НАТА па выніках саміту ў Чыкага. «Дзверы НАТА будуць заставацца адчыненымі для ўсіх еўрапейскіх дэмакратый», - сказана ў дакуменце.
Намер вышэйназваных краін ўступіць у НАТА падтрымлівае і дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан. «Мы падтрымліваем іхнія памкненні і будзем працаваць з кожнай краінай асобна дзеля таго, каб дапамагчы ім правесці рэформы, якія дазволяць выканаць умовы, неабходныя для ўдзелу ў НАТА», - заявіла палітык. Дзяржсакратар падкрэсліла, што далучэнне гэтых дзяржаў да альянсу неўзабаве стане рэальнасцю, паколькі гэтыя партнёры НАТА робяць актыўныя крокі, паведамляе «Інтэрфакс-Украіна».
Клінтан дадала, што Грузія прыклала больш за іншых краін-сябраў альянсу намаганняў для паспяховага завяршэння місіі міжнароднай кааліцыі ў Афганістане, і што грузінскія ўлады праводзяць дэмакратычныя рэформы. «Мы абяцаем ім дапамагчы, бо гэта ў нашых інтарэсах», - заявіла яна, дадаўшы, што канчатковая мэта НАТА - умацаванне блока.
Лідары краін-сябраў альянсу таксама выступілі ў абарону тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Грузіі, падзякаваўшы ўладам краіны за тое, што яны не звярталіся да гвалту ў дачыненні да Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, якія падтрымліваюцца Расеяй.
Таксама былі вылучаныя «значныя дасягненні» Чарнагорыі, яе ўклад у забеспячэнне бяспекі на Балканах, удзел у аперацыі Міжнародных сіл садзейнічання бяспекі ў Афганістане.