Па-зверску збітага Молчана могуць арыштаваць наўпрост у лякарні
- 24.05.2012, 13:14
Міліцыянты адмовіліся вярнуць пашпарт актывіста «Еўрапейскай Беларусі» і збіраюцца прыехаць за ім у лякарню.
Сёння Андрэю Молчану, які знаходзіцца ў лякарні «Хуткай дапамогі» ў Менску, патэлефанаваў намеснік начальніка ГАМ № 1 Першамайскага раёна. Ён цікавіўся месцазнаходжаннем актывіста. Калі Андрэй Молчан сказаў яму, што да гэтага часу знаходзіцца ў лякарні і не ведае, калі яго выпішуць, міліцыянт адказаў, што супрацоўнікі міліцыі самі заедуць за ім.
Да гэтага сястра Молчана звярталася ў ГАМ, куды Андрэя даставілі пасля затрымання з просьбай вярнуць ягоны пашпарт. Ёй адказалі, што пашпарта ў іх няма і адправілі ў РУУС Першамайскага раёна. Там растлумачылі, што дакументы «знаходзяцца ў справе Молчана».
Нагадаем, 19 мая Андрэй Молчан узняў бел-чырвона-белы сцяг каля ўніверсама «Першамайскі» ва Уруччы ў знак салідарнасці з Сяргеем Каваленкам. Міліцыянты затрымалі яго і жорстка збілі. Па папярэднім аглядзе лекара, у Андрэя была чэрапна-мазгавая траўма, пералом ніжняй сківіцы і рэбраў, адбітыя ныркі і ногі.
Лекар, які назірае за ім, сёння сказаў, што ўсе пераломы - старыя. На пярэчанні актывіста аб тым, што ў яго іх ніколі не было, лекар змог адказаць толькі «ну вы ж самі ўсё разумееце...».