Генпракурор Кыргызстана: Лукашэнка не выдасць Бакіева
- 24.05.2012, 14:00
Генпракурор Аіда Салянава выказала такое меркаванне сёння на паседжанні Жагорку Кенеша, дзе абмяркоўваецца справаздача аб дзейнасці органаў пракуратуры ў 2011 годзе.
Дэпутат Бадош Мамырава папрасіла генпракурора растлумачыць, чаму Кыргызстан не можа дамагчыся экстрадыцыі з Беларусі экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева і ягонага брата Жаныша.
Аіда Салянава адказала, што Беларусь адмаўляецца выдаваць экс-прэзідэнта па палітычных прычынах, паведамляе сайт knews.kg.
«Пакуль у Беларусі кіраўніком застаецца Лукашэнка, мы не даб'емся экстрадыцыі Бакіева і ягоных прыхільнікаў. Да таго часу, пакуль у гэтай краіне да ўлады не прыйдуць прагрэсіўныя сілы, мы не зможам вярнуць экс-прэзідэнта», - кажа Генпракурор.
Нагадаем, экс-прэзідэнт Курманбек Бакіеў і ягоны брат Жаныш атрымалі прытулак у Беларусі, куды іх асабіста запрасіў Аляксандр Лукашэнка.