Яшчэ аднаго маладафронтаўца не вызвалілі пасля арышту
- 28.05.2012, 11:14
26 мая актывіст «Маладога фронту» Раман Васільеў павінен быў выйсці на волю пасля 12-сутачнага арышту за вывешванне нацыянальнага сцяга.
Аднак супраць Рамана Васільева склалі новы адміністрацыйны пратакол і пакінулі пад арыштам у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, піша ПЦ «Вясна».
Суд над актывістам «Маладога фронту» пройдзе сёння ў судзе Маскоўскага раёна Менска. Падобная гісторыя адбылася на мінулым тыдні з ягонымі паплечнікамі - Уладзімірам Яроменкам і Зміцерам Крамянецкім.
23 мая з Акрэсціна не быў вызвалены Уладзімір Яроменак, якога на наступны дзень прысудзілі да 10 сутак арышту за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП РБ).
24 мая пасля адбыцця 10-сутачнага арышту ў ЦІП на Акрэсціна застаўся па новым абвінавачванні Зміцер Крамянецкі. 25 мая суддзя Тацяна Мотыль з суда Маскоўскага раёна Менска асудзіла яго на чарговыя 10 сутак арышту.