У КДБ зніклі нататкі расстралянага Кавалёва
- 28.05.2012, 15:31
Любоў Кавалёва ўжо некалькіх месяцаў безвынікова дамагаецца ад СІЗА КДБ вяртання ёй нататак сына.
Пасля выканання смяротнага прысуду Кавалёва атрымала па пошце з СІЗА КДБ пакет з ягонымі асабістымі рэчамі. Аднак жоўтая папка, з якой Уладзіслаў хадзіў на паседжанні суда, апынулася пустой. «З гэтай папкай ён быў на судзе, там знаходзіліся запісы, зробленыя ім падчас суда і пасля, калі яны з адвакатам знаёміліся з судовай справай дзеля напісання касацыйнай скаргі. Уладзь вельмі прасіў, каб гэтыя нататкі захавалі», - заявіла Любоў Кавалёва два месяцы таму.
Яна мяркуе, што ў нататках сына маглі згадвацца нейкія парушэнні ва утрыманні ў СІЗА і таму іх канфіскавалі. «Але я не атрымала ніякіх дакументаў аб тым, напрыклад, што нататкі сына былі знішчаныя ў законным парадку», - сказала маці пакаранага.
Ні ў следчым ізалятары Камітэта дзяржаўнай бяспекі, ні ў самім КДБ няма нататак Уладзіслава Кавалёва, пакаранага ў сакавіку гэтага года за саўдзел у тэрарызме. Пра гэта БелаПАН заявіў начальнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў Камітэта дзяржбяспекі Аляксандр Антановіч.
Аляксандр Антановіч таксама заявіў, што ў КДБ няма даверанасцяў, якія, па словах Кавалёвай, Уладзіслаў разам з адвакатам спецыяльна складалі дзеля таго, каб маці магла дзейнічаць ад імя сына.
Такія даверанасці, як паведамлялася раней, складаліся двойчы. Ні адной з іх Кавалёва не атрымала.