Маладафронтаўца Рамана Васільева зноў арыштавалі на 12 сутак
- 28.05.2012, 16:19
Суд над актывістам «Маладога фронту» прайшоў сёння ў судзе Маскоўскага раёна Менска.
Рамана Васільева абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы і склалі пратакол па артыкуле 17.1 КаАП («Дробнае хуліганства»). Справу разглядала суддзя Тацяна Мотыль, піша ПЦ «Вясна».
У ходзе судовага разбиральництва суддзя задаволіла хадайніцтва аб праглядзе матэрыялаў камер назірання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Аднак, як і ў ходзе разгляду спраў Зміцера Крамянецкага, Уладзіміра Яроменка і Паўла Вінаградава, з ЦІП паведамілі, што камеры назірання не працавалі.
Таксама Тацяна Мотыль адхіліла хадайніцтва аб атрыманні з ЦІП звестак пра час дастаўлення і вызвалення актывіста «Маладога фронту».
Згодна з рашэннем суда, Раман Васільеў атрымаў пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам 12 сутак.
Нагадаем, 26 мая актывіст «Маладога фронту» Раман Васільеў павінен быў выйсці на волю пасля 12-сутачнага арышту. Аднак супраць яго склалі новы адміністрацыйны пратакол і пакінулі пад арыштам у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Падобная гісторыя адбылася на мінулым тыдні з ягоным паплечнікамі - Уладзімірам Яроменкам і Зміцерам Крамянецкім.
23 мая з Акрэсціна не быў вызвалены Уладзімір Яроменак, якога на наступны дзень прысудзілі да 10 сутак арышту за «дробнае хуліганства» (арт. 17.1 КаАП РБ).
24 мая пасля адбыцця 10-сутачнага арышту ў ЦІП на Акрэсціна застаўся па новым абвінавачванні Зміцер Крамянецкі. 25 мая суддзя Тацяна Мотыль з суда Маскоўскага раёна Менска асудзіла яго на чарговыя 10 сутак арышту.