BE RU EN

500-даляравы заробак абваліць валютны рынак

  • 29.05.2012, 10:59

Ураду не атрымаецца да канца года дамагчыся станоўчага гандлёвага балансу, лічыць эканаміст Леў Марголін.

А экс-старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч называе ўмовы, пры якіх валютнага абвалу не будзе.

Урад ставіць перад сабой дзве ўзаемавыключальныя задачы: павысіць заработную плату і знізіць кошт крэдытаў, а з іншага боку, дамагчыся станоўчага сальда гандлёвага балансу, піша «Заўтра тваёй краіны».

- Як толькі будзе павялічвацца заробак і зніжацца кошт крэдытаў, тут жа будзе ўзрастаць нагрузка на валютны рынак. Так што адно з двух: альбо рост заробкаў, і зніжэнне сальда, альбо станоўчае сальда пры заробку прыблізна на тым жа ўзроўні, на якім ён зараз, - тлумачыць Леў Марголін.

Рашэнне аб тым, што заробак павінен вяртацца да ўзроўню 500 даляраў агучанае ўжо на самым высокім узроўні.

- Так што мой прагноз: да канца года мы зноў выйдзем на дэфіцыт гандлёвага балансу, - рэзюмуе Леў Марголін.

У Беларусі дэфіцыт валютных плацяжоў склаў у красавіку 44,9 мільёна даляраў. У сакавіку ён быў роўны 62,6 мільёна даляраў. Пры гэтым у лютым сальда валютных плацяжоў было станоўчым у памеры 116,9 мільёна даляраў, а ў студзені - 130,6 мільёна даляраў. Такія дадзеныя ўтрымліваюцца ў статыстычнай справаздачы Нацыянальнага банка.

Экс-старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч падкрэслівае, што для больш пэўнага прагнозу неабходна ведаць графік плацяжоў па знешніх даўгах, з якім шмат у чым звязаныя змены сальда гандлёвага балансу.

- Ці атрымаецца да канца года станоўчае сальда? Калі атрымаем знешнія пазыкі, прададзім дзяржактываў на два з лішнім мільярды даляраў, тады ўсё перакрыем, - лічыць прафесар. - А калі нічога не прададзім ў сувязі з тым, што нашая палітыка ў галіне прыватызацыі і продажу нясталая, то прагназаваць вынік вельмі складана.

Урад у гэтым годзе павінен пагасіць 1 мільярд 600 мільёнаў даляраў, надыходзіць час плацяжоў па бондах, па крэдытах камерцыйных банкаў.

Калі глядзець глабальна, то сітуацыя на валютным рынку, па адзнацы Станіслава Багданкевіча, складаецца цалкам нармальная.

- Калі ўрад атрымае пазыкі ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС і будзе праводзіць палітыку прыватызацыі, то ўсё будзе нармальна. Я мяркую, што ў гэтым годзе не будзе ніякага абвалу на валютным рынку, таму што ёсць магчымасці прадаваць і атрымліваць крэдыты, - адзначае экс-кіраўнік Нацбанка.

Па прагнозах Станіслава Багданкевіча, курс да канца года будзе ў раёне 9-10 тысяч рублёў за даляр, калі ўрад не стане мяняць планы.

Апошнія навіны