Андрэй Саннікаў: У вызваленні палітвязняў не павінна быць паўз
- 3.05.2012, 0:34
Брытанскі міністр па справах Еўропы Дэвід Лідынгтан патэлефанаваў Андрэю Саннікаву.
У першую чаргу, міністр вітаў вызваленне Андрэя Саннікава і Зміцера Бандарэнкі з турмы.
«Я падзякаваў міністру за пазіцыю Вялікабрытаніі і ягоны асабісты ўдзел у лёсе палітвязняў і сказаў, што трэба дамагацца таго, каб у гэты раз не было паўз у працэсе вызвалення вязняў сумлення. Міністр падкрэсліў, што пазіцыя Вялікабрытаніі застаецца нязменнай і выказаў задавальненне тым, што Еўразвяз праводзіць моцную і адзіную лінію ў дачыненні да Беларусі. Мы абмеркавалі лёс вязняў, якія застаюцца ў няволі.
Я сказаў, што, акрамя палітычнай, гэтая праблема ператварылася ў сур'ёзную гуманітарную, паколькі жыццё і здароўе палітвязняў сёння падвяргаецца небяспецы. Асаблівы непакой выклікае лёс Зміцера Дашкевіча, Сяргея Каваленкі, Мікалая Аўтуховіча, Мікалая Статкевіча.
Спадар Лідынгтан адзначыў, што яму складана ўявіць, што б у цэнтры Еўропы адбывалася тое, што адбываецца з палітвязнямі ў Беларусі. Ён прасіў перадаць палітвязням, іхні сем'ям і сябрам словы падтрымкі. Як бацьку яго асабліва ўзрадавала тое, што скончылася нашае з Данькам вымушаная расстанне», - паведаміў Андрэй Саннікаў сайту charter97.org.