BE RU EN

Казачнік Лукашэнка зноў абяцае заробак у 500$

  • 3.05.2012, 16:09

Аляксандр Лукашэнка настойвае на выкананні задачы па давядзенні да канца 2012 года ўзроўню сярэдняй заработнай платы па рэспубліцы да ўзроўню $500.

Аб гэтым паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у прэс-службе дыктатара.

«Нам ўсё ж такі на ўзровень $500 да канца года трэба выходзіць, як мы і дамаўляліся», - заявіў А.Лукашэнка ў чацвер, прымаючы з дакладам старшыню Федэрацыі прафсаюзаў рэспублікі Леаніда Козіка.

Лукашэнка пацікавіўся меркаваннем Л.Козіка па пытанні росту заработнай платы.

«Ваш пункт погляду па развіцці эканомікі Беларусі ў частцы росту заработнай платы: што нам тут трэба прадпрымаць, якія асцярогі вы бачыце - прафсаюзы ўсё ж такі бліжэйшыя да народа і знаходзяцца непасрэдна ў гушчы людзей», - сказаў А.Лукашэнка.

Кажучы аб сваёй пазіцыі, ён адзначыў, што прыйшоў да высновы аб тым, што ў Беларусі «некаторыя кіраўнікі пачалі хавацца за ягоную фармулёўку: ёсць прадукцыйнасць працы - ёсць заработная плата, няма прадукцыйнасці - няма заробку».

«Усё гэта правільна, толькі далей ідзе тое, што прадукцыйнасць працы трэба павышаць, і кіраўнікі прадпрыемстваў павінныя напіраць і вельмі моцна, дзеля таго каб павысіць прадукцыйнасць працы, а таксама - павысіць і заработную плату», - сказаў А.Лукашэнка.

Таму, падкрэсліў ён, «і кіраўнікоў трэба ў гэтым плане не проста арыентаваць сёння, а ўжо падціскаць».

«А так многія разводзяць рукамі: ну чаго, няма прадукцыйнасці працы, Лукашэнка сказаў - зарплаты няма. Дык навошта гэты кіраўнік на вытворчасці?» - пацікавіўся А.Лукашэнка.

Апошнія навіны