У Брэсце стартавала акцыя ў падтрымку нацыянальнай сімволікі (Фота)
- 3.05.2012, 16:33
3 мая рух «За Свабоду» распачаў у Брэсце рэспубліканскую акцыю ў падтрымку нацыянальнай сімволікі, прысвечаную рэферэндуму 1995 года.
Мэта акцыі - нагадаць беларусам пра нацыянальныя сімвалы. Актывісты руху падрыхтавалі адмысловыя бел-чырвона-белыя стужкі, якія і прапанавалі берасцейцам. Кіроўцы станоўча адрэагавалі на гэтую акцыю і ахвотна ўпрыгожвалі стужачкамі антэны сваіх аўто, піша БелаПАН.
«Сённяшняй акцыяй рух «За Свабоду» пачынае рэспубліканскую кампанію па распаўсюджванні бел-чырвона-белай стужкі, прысвечаную рэферэндуму 14 мая 1995 года. Паводле гэтага рэферэндуму ўлады змянілі нацыянальную сімволіку на сімволіку, прапанаваную лукашэнкаўскім рэжымам. Гэтай акцыяй мы хочам прыцягнуць увагу людзей да нацыянальнай сімволікі, паказаць, што вялікая частка людзей паважае нацыянальныя сімвалы. Бел-чырвона-белыя стужачкі мы прапануем чапляць на антэны аўтамабіляў, заплечнікі або адзенне. У бліжэйшыя дні акцыі па распаўсюджванні бел-чырвона-белых стужачак адбудуцца таксама ў Менску і рэгіёнах», - паведаміў намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.