BE RU EN

У заяве 3 мая Барак Абама ўзгадаў Наталлю Радзіну

  • 4.05.2012, 10:01

Прэзідэнт ЗША Барак Абама назваў вымушаны ад'езд з Беларусі журналісткі Наталлі Радзінай прыкладам парушэння ўладамі дэмакратычных прынцыпаў.

«Пагрозы і запалохванне, з якімі сутыкнуўся эквадорскі журналіст Сэзар Рыкауртэ, выгнанне беларускай дэмакратычнай актывісткі Наталлі Радзінай, непрамая цэнзура, у тым ліку праз абмежаванне свабоды перамяшчэння, ужытая да кубінскага блогера Ёанэ Санчэс, працягваюць аказваць негатыўны ўплыў на свабоду самавыяўлення і прэсы», - гаворыцца ў заяве Абамы, прысвечанай Сусветнаму дню свабоды друку, які адзначаецца 3 мая.

«Мы заклікаем ўрады ўсіх краін абараняць правы журналістаў, блогераў і дысідэнтаў адкрыта гаварыць і пісаць, не асцерагаючыся пакарання, зняць абмежаванні на перамяшчэнне і іншыя формы цэнзуры, якія перашкаджаюць рэалізацыі гэтых універсальных правоў», - падкрэсліў у сваёй заяве прэзідэнт ЗША.

Журналістка Наталля Радзіна з'яўляецца галоўным рэдактарам апазіцыйнага сайта «Хартыя-97», рэдакцыя якога зараз працуе ў Літве, дзе Радзіна атрымала палітычны прытулак. Яна была прызнаная абвінавачанай па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года. Амаль паўтара месяца яна знаходзілася ў СІЗА КДБ, два месяцы - па месцы прапіскі ў Кобрыне (Брэсцкая вобласць) пад падпіскай аб нявыездзе, адкуль таемна выехала і пакінула межы Беларусі.

3 мая Наталля Радзіна адзначыла дзень народзінаў, адзначае БелаПАН.

Апошнія навіны