Жыхары Уручча: «АМАП змятаў на сваім шляху жанчын і старых»
- 7.05.2012, 10:34
На вуліцы Русіянава, дзе збіраюцца пабудаваць два дамы для супрацоўнікаў сілавых структур, жыхары Уручча-2 правялі сход.
Падставай для сустрэчы стала высечка сквера на пляцоўцы побач з музеем валуноў, пра што ўжо паведамляў Onliner.by. Грамадзяне вырашылі праінфармаваць пра «барбарства» кіраўніцтва краіны, звярнуўшыся з адкрытым лістом да Лукашэнкі.
- Ранкам 2 мая 2012 года, калі многія жыхары мікрараёна Уручча-2 яшчэ спалі або збіраліся на працу, да зялёнай зоны на скрыжаванні вуліц Русіянава і Шугаева падкаціў аўтобус з байцамі АМАП, у руках якіх былі рыдлёўкі і сякеры, - сказана ў лісце ( у адміністрацыі раёна, дарэчы, сцвярджаюць, што спецназа там не было, - Аўт). - Яны рынуліся на ўчастак, змятаючы на сваім шляху жанчын, старых, людзей сталага ўзросту, якія, дачуўшыся аб магчымай спробе высечкі дрэваў, выйшлі абараніць свой сквер. Да гэтага два тыдні таму тут ужо былі спілаваныя дзве прыгожыя шматгадовыя бярозы.
Грамадзяне задаюцца пытаннем: чаму ў высечцы парку ўдзельнічалі прадстаўнікі праваахоўных органаў? Няўжо гэтая праца ўваходзіць у абавязкі супрацоўнікаў міліцыі? Хто панясе за гэта адказнасць?
- Вы кажаце аб неабходнасці будаўніцтва гарадоў-спадарожнікаў, а старшыня Менгарвыканкама Ладуцька М.А. робіць усё наадварот. Хутка з ягонай маніяй ўшчыльнення ў сталіцы не застанецца ні аднаго вольнага месца. Паглядзіце, колькі людзей падымаецца супраць такой палітыкі ўшчыльнення. Няўжо ў сталіцы няма пустак або іншых закінутых месцаў? Сёння ім спадабалася зялёная зона, а заўтра спадабаецца нечая кватэра, дом ці асабняк?.. Такія кіраўнікі выклікаюць нянавісць у людзей.
У сваім лісце жыхары Уручча просяць Лукашэнку «садзейнічаць адмене незаконных рашэнняў аб будаўніцтве на тэрыторыі зялёнай зоны двух шматпавярховых дамоў».
- Мы настойваем на публічным расследаванні выкладзеных фактаў грэбавання службовымі асобам інтарэсамі жыхароў, варварскага знішчэння зялёнай зоны, прымянення байцамі АМАП грубай сілы супраць мірных жыхароў. Мы патрабуем адстаўкі і пакарання асоб, якія прымалі рашэнне аб выкарыстанні АМАП для знішчэння зялёнай зоны. Мы выказваем недавер Старшыні Менскага гарадскога выканаўчага камітэта Ладуцьку М.А., кіраўніку Адміністрацыі Першамайскага раёна г. Менска Кудрэвічу І.А. як кіраўнікам, якія грэбуюць законнымі інтарэсамі грамадзянаў, якія развязалі канфлікт і сваімі дзеяннямі, паводзінамі і стылем кіраўніцтва дыскрэдытуюць дзяржаўную ўладу, а таксама «дэпутату» «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» Місурагіну І.А. і «дэпутату» мясцовага савета Якуніну В.П.