Зміцер Дашкевіч узнагароджаны Прэміяй Свабоды YEPP
- 7.05.2012, 16:32
Лідар «Маладога Фронту», палітвязень Зміцер Дашкевіч стаў першым лаўрэатам Прэміі Свабоды, арганізаванай Моладдзю Еўрапейскай народнай партыі (YEPP) у 2012 годзе.
Кіраўніцтва YEPP даслала ліст, у якім паведаміла, што Зміцер Дашкевіч вядомы ім як старшыня «Маладога фронту», прыязнай YEPP арганізацыі, і як арганізатар і ўдзельнік шматлікіх вулічных акцый, удзел у якіх прывёў да месяцаў, праведзеным пад адміністрацыйным арыштам, дзеля адстойвання ўласных перакананняў , піша сайт «Маладога Фронту».
«Мы з захапленнем назіралі за вашай барацьбой за свабоду ў вашай краіне, і нашыя сэрцы з вамі ў гэтыя цяжкія часы. YEPP актыўна займаецца пытаннем свабоды ў Беларусі, мы ўдзельнічаем у кампаніях па рассыланні паштовак і міжнародных пратэстах. Мы спадзяемся, што узнагародзіўшы Вас нашай першай Прэміяй Свабоды, мы паглыбіў наш удзел ў Вашай справе», - сказана ў лісце.
Моладзь Еўрапейскай народнай партыі (англ.: Youth of the European People's Party, YEPP) - моладзевая арганізацыя Еўрапейскай народнай партыі, якая аб'ядноўвае больш за 51 хрысціянска-дэмакратычных моладзевых палітычных арганізацый з больш чым 35 краін Еўропы, сумарная колькасць сябраў перавышае 1,4 мільёна. Заснаваная ў 1997 годзе.