Выканкамы супраць вольных выбараў
- 8.05.2012, 9:35
Мясцовыя ўлады адмаўляюць актывістам апазіцыі ў правядзенні пікетаў «за вольныя выбары».
У панядзелак увечары кіраўнік Менскай абласной арганізацыі АГП Арцём Агафонаў атрымаў ад старшыні Любанскага райвыканкама Васіля Акуліча пісьмовую адмову на правядзенне ў райцэнтры пікета «За вольныя выбары без Лукашэнкі».
Выканкам матывуе адмову неадпаведнасцю заявы артыкулах 9 і 11 Закона «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», паведамляе ucpb.org.
«У прынцыпе, адказ чаканы, уладам нашыя пікеты - як костка ў горле. Аднак уражвае тое, што выканкам не абцяжарыў сябе падборам падстаў для адмовы. Напрыклад, спасылка на 9 артыкул Закона відавочна безсэнсоўная. Я выдатна ведаю Любань - тая пляцоўка, на якой планавалася правесці пікет, не мае ні адной з прыкмет месца, забароненага для правядзення масавых мерапрыемстваў - гэта проста пляцоўка перад адным з гарадскіх рынкаў. Ніякіх школ, бальніц і рэжымных аб'ектаў паблізу няма, выканкам, суд і пракуратура знаходзяцца ў іншым канцы горада. Паветранае, воднае і чыгуначнае паведамленне ў горадзе наогул адсутнічае, адзіныя транспартныя аб'екты паблізу - аўтастанцыя і аўтобусны прыпынак, але і да тых відавочна больш за 50 метраў. Думаў, што яны будуць больш вынаходлівыя, тым больш, што ў 2008 годзе, балатуючыся ў Палату прадстаўнікоў, я ўжо ладзіў пікеты на гэтым месцы, з тых часоў ніякія рашэнні аб пераліку месцаў, забароненых для правядзення масавых мерапрыемстваў выканкамам не друкавалася», - пракаментаваў ліст з Любані Арцём Агафонаў.
Пікантнасць сітуацыі складаецца яшчэ і ў тым, што некалькі гадоў таму Агафонаў займаў пасаду галоўнага юрысконсульта Любанскага райвыканкама.