BE RU EN

На малой радзіме Лукашэнкі зноў карупцыйны скандал

  • 8.05.2012, 10:32

У Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці разгараецца чарговы карупцыйны скандал.

Па інфармацыі незалежнай газеты «Магілёўскі Выбар», нядаўна ў Шклове пацярпеў ад сваёй дзейнасці прадпрымальнік, які займаўся экспартам калійных угнаенняў. Хлорысты калій, так неабходны Шклоўскім паляv, перапраўляўся за мяжу, не слаба папаўняючы кішэні шклоўскіх хітруноў ад прыбытковага экспарту. Хітрасць у тым, што ўгнаенні купляліся па кошце для сельгаспрадпрыемстваў, які ў разы меншы за экспартныя кошты, а прадаваліся за валюту без адмысловага бухгалтарскага ўліку, бо частка угнаенняў была наўпрост скрадзеная асобнымі кіруючымі кадрамі.

Фасоўка экспартнага прадукту праводзілася на Гарадзецкім аэрадроме. Тыя сумы грошай, якія былі канфіскаваныя ў ходзе аператыўна-вышуковых дзеянняў (непасрэдна падчас захопу ў злачынца, які дастаўляў «прыбытак» у Шклоў, знаходзілася 120 000 даляраў ЗША) і тая шырата бізнесу, якая суправаджала дзейнасць прадпрымальніка, пацвярджаюць маштабы крадзяжу дзяржаўных сродкаў».

Неабходна адзначыць, што гэта далёка не першая карупцыйная справа, якая расследуецца ў Шклоўскім раёне зараз. У мінулым годзе на малой радзіме Аляксандра Лукашэнкі знікла 17 мільярдаў рублёў бюджэтных грошай, накіраваных, па незразумелых для любога спецыяліста прычынах, на закупку племянной жывёлы ў такой «развітой» ў галіне жывёлагадоўлі краіне, як Сербія. У выніку бюджэтныя грошы зніклі, Следчы камітэт вядзе расследаванне, а ў Шклове працягваюць абмяркоўваць найбуйнейшую фінансавую аферу ў гісторыі раёна. Надзей на вяртанне грошай зусім няшмат, лічаць дасведчаныя спецыялісты.

Апошнія навіны