Палітвязня Дзядка на паўгады кінулі ў «адзіночку»
- 1.06.2012, 13:57
Кіраўніцтва Шклоўскай калоніі на паўгады ізалявалі Мікалая Дзядка ў турме.
Як паведаміў «Народнай волі» бацька Мікалая - Аляксандр Дзядок, «правапарушэнне», за якое ягоны сын быў гэтак строга пакараны, складаецца ў наступным. Мікалай ўсяго толькі выказаў незадаволенасць тым, што кіраўніцтва калоніі ўсталявала дзеля зняволеных не пяцідзённы, а шасцідзённы працоўны тыдзень.
Нагадаем, што ціск на Мікалая Дзядка ў Шклоўскай калоніі практычна не спыняецца ўжо некалькі месяцаў. Хлопец ужо неаднаразова трапляў у карцар. Ён адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні і, мабыць, менавіта таму трапіў пад асаблівы прэс. Цынізм сітуацыі ў тым, што калі нядаўна маці Мікалая Дзядка была на асабістым прыёме ў кіраўніка Дэпартамента пакаранняў, той звязваўся са Шклоўскай калоніяй па тэлефоне і начальнік калоніі характарызаваў Дзядка толькі станоўча. Але зараз высвятляецца, што ў той час ужо было прынятае рашэнне аб змяшчэнні Мікалая на паўгады ва ўнутраную турму і аб пазбаўленні яго доўгатэрміновага спаткання з маці, якое павіннае было адбыцца ў чэрвені.