BE RU EN

Салідарнасць працоўных напалохала ўлады

  • 18.06.2012, 10:49

На РУВП «Граніт» (Мікашэвічы) сур'ёзна выраслі заробкі, налічаныя за май.

Пра гэта «Салідарнасці» паведаміў лідар першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза гэтага прадпрыемства Алег Стахаевіч.

- У маі заработная плата ў сярэднім павялічылася ўдвая, - адзначыў прафсаюзны лідар. - Самыя высокааплатныя спецыяльнасці - кіроўцы «БелАЗаў» сталі атрымліваць ад 8 да 11 мільёнаў рублёў, машыністы экскаватараў - 7-9 мільёнаў. Працаўнікі іншых спецыяльнасцяў - прыкладна 4-6 мільёнаў рублёў на месяц. Гаворка ідзе не пра налічаны, а пра «чысты», атрыманы на рукі заробак.

Многія працаўнікі «Граніту» такое шчодрае павышэнне заробку наймальнікам звязваюць з дзейнасцю незалежнага прафсаюза.

- Самае галоўнае - спынілася хамскае стаўленне да простых працаўнікоў з боку кіраўніцтва. З намі сталі зусім інакш размаўляць, - адзначыў Алег Стахаевіч.

Паводле яго, яшчэ паўгады таму кіраўніцтва «Граніту» сцвярджала, што заробкі павялічыць магчымасці няма.

- Убачыўшы, што сябраў пяршоўкі БНП менш не становіцца (больш за тое, што да нас прыходзяць новыя людзі), усяго за месяц заробак вырас удвая. Думаю, што разлік начальства задобрыць працаўнікоў і паменшыць, такім чынам, уплыў і папулярнасць незалежнага прафсаюза, - не атрымаецца. Людзі бачаць, што дзякуючы згуртаванасці і цвёрдай пазіцыі можна чагосьці дасягнуць. Працаўнікі звязваюць рост заробкаў з эфектыўнай дзейнасцю прафсаюза, - падсумаваў прафсаюзны лідар.

Апошнія навіны