Марэк Мігальскі адкрыў сайт у падтрымку Каваленкі
- 18.06.2012, 17:08
У Інтэрнэце з'явіўся сайт кампаніі ў падтрымку палітвязня Сяргея Каваленкі.
Офіс еўрадэпутатаў ад Польшчы Марэка Мігальскага запусціў сайт кампаніі салідарнасці з Сяргеем Каваленкам - www.freekavalenka.org. Акрамя дэтальнай інфармацыі пра справу Каваленкі і аб кампаніях, акцыях і ініцыятывах, якія прымаюцца па ягонай справе, на сайце змешчаная петыцыя беларускім уладам з патрабаваннем рэабілітаваць і вызваліць палітвязня - www.change.org/freekavalenka.
Нараўне з еўрадэпутатам Марэкам Мігальскім, аўтарамі петыцыі сталі жонка Сяргея Каваленкі Алена і Уладзімір Букоўскі - расейскі пісьменнік, палітычны і грамадскі дзяяч, самы вядомы савецкі дысыдэнт, які ў 60-70 гадах падвяргаўся рэпрэсіям з боку ўладаў - у турмах і на прымусовым лекаванні правёў 12 год, піша «Народная воля».
Кампанію падтрымалі ўжо некаторыя міжнародныя арганізацыі: Libereco - Partnership for Human Rights, Free Belarus Now, Change.org, Беларускі Трыбунал, агульнарасейскі рух «За правы чалавека», «Еўрапейская Беларусь».
На сайце www.freekavalenka.org можна таксама прачытаць заявы тых, хто далучыўся да патрабавання рэабілітаваць і вызваліць Сяргея Каваленку. Створаны свайго кшталту камітэт падтрымкі дзеля гэтай палітычнай заявы. На сайце ўжо змешчаныя заявы Ірыны Багданавай, старшыні грамадзянскай кампаніі Free Belarus Now, расейскага праваабаронца Льва Аляксандравіча Панамарова і Ларса Бюнгера з Libereco - Partnership for Human Rights.
Нагадваем, што Марэк Мігальскі ў межах кампаніі, ініцыяванай Libereco - Partnership for Human Rights, узяў шэфства над беларускім апазіцыянерам Сяргеем Каваленкам, прысуджаным да 25 месяцаў турэмнага зняволення. Дэпутат ужо некалькі месяцаў патрабуе забеспячэння медыцынскай дапамогі і доступу да незалежнага лекара, а таксама неадкладнага яго вызвалення і рэабілітацыі.