За чый кошт «свята»?
- 19.06.2012, 13:10
Толькі першы тур «выбараў» абыйдзецца ў 9 мільёнаў даляраў.
Выдаткі на правядзенне кампаніі па «выбарах» «дэпутатаў» «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» Беларусі ў цэлым па рэспубліцы складуць Br92,9 млрд.
Як перадае «Інтэрфакс-Захад», адпаведная сума была зацверджаная пастановай ЦВК на паседжэнні камісіі ў аўторак у Менску.
Як удакладніла бухгалтарка ЦВК Валянціна Васілеўская, на правядзенне першага тура запланавана накіраваць больш за Br76 млрд, другога тура - больш за Br16 млрд. Яна падкрэсліла, што ў выбарчую кампанію 2008 года на правядзенне першага тура выбараў былі накіраваныя «тыя ж $9 млн».
Цэнтрвыбаркам сёння зацвердзіў каляндарны план правядзення «выбараў». Вылучэнне кандыдатаў у «дэпутаты» пройдзе з 15 ліпеня па 13 жніўня.
Кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына таксама не забылася абвінаваціць у несумленных беларускіх выбарах еўрапейскіх чыноўнікаў.
Негатыўная адзнака выбараў, якія адбываюцца ў Беларусі, ствараецца спецыяльна навучанымі чыноўнікамі ў кабінетах, а не зыходзіць ад міжнародных назіральнікаў, заявіла яна.
«Негатыўныя адзнакі пішуцца ў цішы кабінетаў не тымі, хто непасрэдна назіраў за «выбарамі», а групай чыноўнікаў, якія ажыццяўляюць менавіта гэтыя функцыі, а не непасрэднае назіранне за «выбарамі», - заявіла Ярмошына.
Пры гэтым кіраўніца ЦВК заявіла, што Беларусь запросіць назіральнікаў ад АБСЕ.