Лябедзька пойдзе ў «дэпутаты»
- 19.06.2012, 14:33
АГП вылучыць у «дэпутаты» каля 50 кандыдатаў, у тым ліку і старшыню партыі Анатоля Лябедзьку.
«Сёння-заўтра мы прызначым пазачарговы з'езд АГП для вылучэння нашых спікераў ў якасці кандыдатаў у «дэпутаты». Я думаю, што з'езд адбудзецца ў канцы ліпеня. Таксама мы правядзем паседжэнне палітрады дзеля таго, каб вылучыць нашых кандыдатаў у склад акруговых камісій. Гэта такая даволі аб'ёмная справа. Абласныя рады таксама павінныя вылучыць сваіх прадстаўнікоў у склад участковых камісій. Тыя з нашых спікераў, хто будзе фарміраваць ініцыятыўныя групы, таксама гэта павінныя зрабіць да сярэдзіны ліпеня. Мы рыхтуем матэрыялы, з дапамогай якіх будзем распавядаць людзям аб стане дэмакратыі ў краіне, аб адсутнасці рэальных выбараў. І пра тое, што сумленныя, празрыстыя выбары - гэта адзіны шлях да новай Беларусі, таксама да матэрыяльнага дабрабыту. Нам вельмі важна, каб нашая думка прагучала найбольш аўтарытэтна з вуснаў такіх людзей, як Анатоль Лябедзька і Станіслаў Багданкевіч», - сказаў намеснік старшыні АГП Леў Марголін «Радыё Свабода».