Калякін будзе назіраць за «выбарамі»
- 20.06.2012, 13:57
Кампанія «За справядлівыя выбары» вылучыць 1000 прадстаўнікоў у выбаркамы і дзве тысячы назіральнікаў.
Пра гэта паведаміў сустаршыня кампаніі, лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін 20 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Менску, піша БелаПАН.
Ён адзначыў, што на «парламенцкіх выбарах» будуць і іншыя кампаніі кантролю за іх правядзеннем. «У Інтэрнэце будзе весціся кампанія па фіксацыі фактаў парушэнняў, праваабаронцы будуць весці маніторынг выбараў. Нашая ж мэта - гэта кампанія актыўнага назірання. Мы будзем не толькі фіксаваць парушэнні, але і спрабаваць паўплываць на практыку правядзення «выбараў», - падкрэсліў Калякін.
Палітык паведаміў, што першы тэст на правядзенне сумленных выбараў улада ўжо праваліла. Паводле яго, у сакавіку «палацe прадстаўнікоў» і ЦВК былі накіраваныя прапановы, рэалізацыя якіх у выбарчым заканадаўстве дазволіла б правесці празрыстыя выбары. «Гэтыя папраўкі тычыліся правоў назіральнікаў, падліку галасоў. На жаль, улады на нашую ініцыятыву адказалі адмовай», - сказаў Калякін.
Наступным тэстам для ўлады, паводле яго, стане фарміраванне выбарчых камісій. «Пакуль мы не разглядаем ўладу як прамога суперніка. Я згодны з выказваннямі Лукашэнкі аб неабходнасці прамога грамадзянскага кантролю за выбарамі. Таму сёння мы заклікаем улады да супрацоўніцтва, каб правесці выбары празрыста, а па іхніх выніках не прад'яўляць адзін аднаму прэтэнзій . Вядома, улада можа і не ўключыць нашых прадстаўнікоў у камісіі. У такім выпадку яна праваліць і другі тэст», - сказаў палітык.
Калякін паведаміў, што ў кампаніі «За справядлівыя выбары» на рэспубліканскім узроўні ўдзельнічаюць 13 палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, а з улікам рэгіёнаў - 27 арганізацый.