Працаўнікоў на «Гарызонце» прымушаюць працаваць 10 гадзін на суткі (Відэа)
- 21.06.2012, 14:38
А тых, хто супраць - пагражаюць звольніць.
У рэдакцыю charter97.org звярнуўся супрацоўнік заводу «Гарызонт», абураны эксплуатацыяй працаўнікоў.
Як сталася, кітайская фірма замовіла ў завода «Гарызонт» сабраць 90.000 тэлевізараў «Toshiba» за тры месяцы. І працуючы па 8 гадзін на суткі, працаўнікі не паспеюць сабраць патрэбную колькасць тэхнікі. Таму кіраўніцтва вытворчасці вырашыла, што працаўнікі на канвееру будуць працаваць па 10 гадзін на суткі. А тым, хто супраць, прыгразілі звальненнем. У дадатак, кітайскія замоўцы стала знаходзяцца на вытворчасці, кантралююць і фатаграфуюць працаўнікоў. За спазненне хоць на хвіліну - строгая вымова.
«Дзесьці месяц таму нам сказалі, што мы будзем працаваць па 12 гадзін на суткі за падвойны аклад», - дзеліцца супрацоўнік прадпрыемства. «Мы адмовіліся, тады нам прапанавалі працаваць па 10 гадзін на суткі, але з выходным у пятніцу. Пры гэтым намякнулі, што, магчыма, пятніца потым стане ўсё ж такі працоўнай. І сказалі, што калі хтосьці адмовіцца, будзе звольнены. У адказ адзін з працаўнікоў сказаў, што, у такім выпадку, мы збіраемся з брыгадамі і дамаўляемся аб правядзенні забастоўкі. На час гэта астудзіла кіраўніцтва, але працоўны дзень нам усё роўна расцягнулі».
«Зараз мы павінныя працаваць, напрыклад, у другую змену з 15:30 да 23:50. Яны расцягнулі працоўны дзень і людзі не паспяваюць на транспарт. Многія звальняюцца, у асноўным моладзь. Бо за даволі высокую кваліфікаваную працу плацяць, як дворніку. І ўмовы працы невыносныя - калі на вуліцы +30, у цэхах яшчэ больш горача. На працоўным месцы нельга размаўляць, карыстацца тэлефонамі, насіць пярсцёнкі, бранзалеты або ланцужкі. Нібы як на «зоне»! І над душой стаяць кітайцы, якія ўсё дакументуюць на фота і відэа», - паскардзіўся працаўнік завода «Гарызонт».
Відэа знятае падпольна, таму прыносім выбачэнні за якасць выявы. Але па гуку можна зразумець, што працаўнікі вельмі абураныя сітуацыяй