Аддадуць усё
- 22.06.2012, 11:01
(абноўлена) Улады рыхтуюцца аб'яднаць з расейскімі прадпрыемствамі МЗКЦ, «Гроднаазот» і Гомсельмаш.
Беларусь лічыць неабходным стварэнне шэрагу альянсаў з Расеяй у галіне актываў, заявіў у пятніцу ў Менску першы віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Уладзімір Сямашка, выступаючы перад парламентарыямі, паведамляе «Інтэрфакс».
«Напрыклад, у цяперашні час вядуцца перамовы па аб'яднанні актываў «МАЗа» і «Камаза», - сказаў ён. У.Сямашка адзначыў, што гэта дасць магчымасць атрымаць ўзаемавыгадны сінэргетычны эфект, павялічыць аб'ёмы рэалізацыі прадукцыі, знізіць выдаткі. «Стварэнне СП магчымае толькі на парытэтнай аснове», - нагадаў ён.
Першы віцэ-прэм'ер дадаў, што «щ агульных умовах працы неабходна думаць пра такія прадпрыемствы, як «Гомсельмаш» і «Ростсельмаш», «МЗКЦ» і «ГАЗ».
«Ёсць прапановы па ўдзеле ў акцыянерным капітале Гомельскага хімзавода і «Гроднаазот», на якіх плануецца будаўніцтва новага азотнага комплексу коштам больш за $1 млрд», - працягнуў ён.
«У цяперашні час у дзяржаўным рэестры лічыцца 45 холдынгаў, з іх 20 - з дзяржаўным удзелам», - сказаў У.Сямашка, выступаючы на паседжанні ніжняй палаты беларускага парламента.
Ён таксама паведаміў, што ўсяго ў бягучым годзе будуць створаныя 16 холдынгаў, 4 з іх ужо створаныя.