«Шасцёрка» адмовілася прызнаваць «выбары» нелегітымнымі
- 22.06.2012, 16:06
Удзельнікі «Кааліцыі шасці» 22 чэрвеня на сваім паседжанні адмовіліся ўжо зараз прызнаваць нелегітымнымі і недэмакратычнымі парламенцкія «выбары».
За падпісанне сумеснай заявы аб непрызнанні «выбараў» выказаліся толькі прадстаўнікі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі, супраць - «Рух За Свабоду», «Гавары праўду!», Справядлівы свет і Партыя БНФ.
Як паведаміла Марына Хоміч, якая прадстаўляла на паседжанні БХД, раней прадстаўнікі «шасцёркі» згаджаліся з непрызнаннем «выбараў», але сёння яны выступілі супраць, паведамляе прэс-служба БХД.
«Яны сказалі, што ў нас розныя стратэгіі на гэтыя «выбары». Але розныя стратэгіі не значаць, што ў краіне не парушаюцца законы і Канстытуцыя. Такім чынам, тыя, хто адмовіўся падпісаць заяву, фактычна пагадзіліся на прызнанне «выбараў» дэмакратычнымі і вольнымі. Яны яшчэ не нагуляліся ў гульні ўлады», - адзначыла Марына Хоміч.
Разам з тым разгляд сумеснай заявы аб непрызнанні недэмакратычнасці «выбараў» ўнесены ў парадак паседжанняў абласных кааліцый дэмакратычных сіл. У Магілёве яе разгледзяць ўжо сёння, 22 чэрвеня.