Гары Паганяйла праз суд дамогся права выязджаць за мяжу
- 22.06.2012, 17:52
Даведку аб тым, што яго няма ў спісе невыязных, Паганяйла выдалі прама ў судзе.
Праваабаронца страціў права выязджаць за мяжу Беларусі ў сакавіку, разам з шэрагам іншых апазіцыйных і грамадскіх дзеячаў. Ён адразу ж звярнуўся ў суд.
Як высветлілася, прозвішча Паганяйла патрапіла ў спіс праз «тэхнічны збой», чаго не адмаўляў адзін з адказчыкаў - Міністэрства юстыцыі. Суддзі спатрэбілася два паседжанні, каб прызнаць правы Паганяйла, паведамляе «Еўрарадыё».
Між тым, многія апазіцыйныя палітыкі па-ранейшаму не могуць выязджаць з краіны па розных такіх жа надуманых прычынах. Хоць мэта гэтай забароны відавочная - не даць апазіцыянерам сустракацца з заходнімі палітыкамі і паведамляць аб парушэннях правоў чалавека ў краіне.