На збітага міліцыяй Молчана склалі яшчэ адзін пратакол
- 25.06.2012, 14:29
Збіты міліцыянтамі актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Молчан адмовіўся падпісаць пратакол, у якім напісана, што ён не падпарадкоўваўся супрацоўнікам міліцыі.
«А 10-й гадзіне вечара 24 чэрвеня да мяне на кватэру прыйшли два капітаны міліцыі, супрацоўнікі Першамайскага РАУС. Яны сказалі, што прыйшлі па справе майго затрымання, якое адбылося 19 мая. Я ім адказаў: аб усіх абставінах гэтай справы я ўжо распавёў у Следчым камітэце. Яны кажуць: камітэт - гэта адно, а мы - іншае.
Але потым высветлілася, што міліцыянты атрымалі ліст са Следчага камітэта. І ім загадана скласці на мяне пратакол аб адміністрацыйнай справе па артыкуле 23/4 - непадпарадкаванне міліцыі. Я вельмі здзівіўся, бо, наколькі я ведаю, камітэт не знайшоў у маіх дзеяннях непадпарадкавання. Таму я напісаў у пратаколе, а ён ужо быў загадзя падрыхтаваны, што з пратаколам не згодны. Яны забралі паперы і пайшлі», - сказаў Молчан «Радыё Свабода».
Афіцыйнага адказу са Следчага камітэта, які падоўжыў разгляд гэтай справы да 30 чэрвеня, Андрэй Молчан пакуль не атрымаў. Дэмакратычны актывіст таксама сказаў, што галава ў яго баліць меней, але пачаліся праблемы з вокам: «І бачыць пачаў дрэнна, і баліць».
Як раней паведамляў сайт charter97.org, 19 мая Андрэй Молчан узняў бел-чырвона-белы сцяг ля ўніверсама «Першамайскі» ў менскім мікрараёне Уручча на знак салідарнасці з Сяргеем Каваленкам. Міліцыянты затрымалі яго і жорстка збілі. Па папярэдняй высновы лекараў, у Андрэя была чэрапна-мазгавая траўма, пералом ніжняй сківіцы і рэбраў, адбітыя ныркі і ногі.
25 мая Андрэя Молчана выпісалі з лякарні хуткай дапамогі, накіраваўшы на лячэнне ў паліклініку. У эпікрызе пры выпісцы паказанае толькі тое, што ён атрымаў лёгкую чэрапна-мазгавую траўму. Пералом сківіцы, а таксама іншыя траўмы стаяць пад пытаннем.
28 мая на Андрэя Молчана ў міліцыі склалі два адміністрацыйныя пратаколы. Адзін па стандартным ўжо для апазіцыянераў артыкуле 17.1, што нібыта лаяўся матам. Другі - 23.34, несанкцыянаванае пікетаванне.