BE RU EN

Лукашыстаў заклікалі да адказу

  • 28.06.2012, 12:59

Праваабаронцы выступілі «адзіным фронтам» супраць рэжыму Лукашэнкі на сесіі ААН.

«Урад Беларусі працягвае таптаць асноўныя правы і свабоды грамадзянаў», - заявіў прадстаўнік праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch, выступаючы 28 чэрвеня на сесіі Рады ААН па правах чалавека, перадае БелаПАН.

«Мы наведалі Беларусь у маі 2012 года і пераканаліся, што ўлады працягваюць затрымліваць і прыгаворваць да турэмных тэрмінаў актывістаў, запалохваюць іх. Беларускія ўлады спрабавалі абмежаваць свабоду руху актывістаў за межы краіны, каб не дапусціць распаўсюджванне інфармацыі аб сітуацыі ў краіне», - заявіў прадстаўнік арганізацыі.

Ён заклікаў Раду па правах чалавека стварыць мандат спецдакладчыка па Беларусі дзеля таго, каб сачыць за сітуацыяй у краіне і выкананнем яе ўладамі рэкамендацый ААН.

Прадстаўнік «Міжнароднай федэрацыі лігі па правах чалавека» у сваім выступе адзначыў, што пасля падрыхтоўкі дакладу, з сакавіка 2012 года, сітуацыя ў Беларусі пагоршылася. «Нягледзячы на вызваленне Саннікава і Бандарэнкі, астатнія палітычныя зняволеныя працягваюць заставацца за кратамі. Аказваецца ціск на іх і іхнія сем'і», - падкрэсліла праваабаронца.

У Беларусі, сказаў ён, «ідзе кампанія запалохвання праваабаронцаў, журналісты падвяргаюцца палітычнаму ціску, сутыкаюцца з праблемамі за свае публікацыі». Рада па правах чалавека «павінная распачаць рашучыя дзеянні», заявіў прадстаўнік федэрацыі. Ён заклікаў працягнуць маніторынг сітуацыі ў краіне і стварыць мандат спецдакладчыка па Беларусі.

У сваю чаргу прадстаўнік «Фонду дамоў правоў чалавека» таксама заклікаў Раду па правах чалавека ААН увесці мандат спецдакладчыка і «адрэагаваць на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі». Ён адзначыў, што беларускія ўлады адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з адмысловымі механізмамі ААН.

Прадстаўнік фонду таксама нагадаў, што з 2010 года ў Беларусі былі пакараныя пяць чалавек, нягледзячы на тое, што іхнія скаргі знаходзіліся на разглядзе Камітэта ААН па правах чалавека. Акрамя таго, нагадаў ён, улады так і не дазволілі рэгістрацыю праваабарончага цэнтра «Вясна», вымусіўшы арганізацыю працаваць нелегальна. У выніку кіраўнік цэнтра Алесь Бяляцкі быў арыштаваны і прысуджаны да 4,5 гадоў турмы нібыта за няплату падаткаў.

«Міжнародная амністыя» выказала занепакоенасць з нагоды выкарыстання смяротнага пакарання ў Беларусі «і зневажання асноўных фундаментальных правоў і свабод». «Смяротнае пакаранне Кавалёва і Канавалава дэманструе няздольнасць Беларусі прытрымлівацца міжнародных стандартаў», - заявіў прадстаўнік гэтай арганізацыі. Ён заклікаў Беларусь увесці мараторый на смяротнае пакаранне.

Праваабарончая арганізацыя «Сівікус» са свайго боку заклікала Беларусь «неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў, у тым ліку праваабаронца Алеся Бяляцкага». «Беларусь парушае правы сваіх грамадзянаў на мірныя сходы і асацыяцыі, спыняе дзейнасць праваабаронцаў. Беларусь таксама прымяняе смяротнае пакаранне, прычым гэта робіцца жорсткім чынам, а сваякам пакараных не паведамляюць пра дату пакарання і месца пахавання цела», - адзначыў прадстаўнік «Сівікус».

Апошнія навіны