Да турэмнага тэрміну Статкевіча могуць дадаць яшчэ год
- 28.06.2012, 14:25
Пра гэта заяўляе ягоная жонка Марына Адамовіч.
Мікалай Статкевіч атрымаў 10 сутак карцара ў Магілёўскай турме № 4. Па словах ягонай жонкі Марыны Адамовіч, правакацыі ў дачыненні да экс-кандыдата ў прэзідэнты працягваюцца. У турме сцвярджаюць, што Статкевіч «схільны да суіцыду».
Жонка палітвязня асцерагаецца, што да існага тэрміну Статкевічу дададуць яшчэ год і непакоіцца за ягонае жыццё.
Марына Адамовіч распавяла «Салідарнасці», што Мікалай Статкевіч пераведзены ў штрафны ізалятар Магілёўскай турмы № 4. Тое, што адбылося, жанчына звязвае з нядаўняй правакацыяй супраць Статкевіча. Як адзначалася раней, у камеру да экс-кандыдату падсаджвалі ВІЧ-інфікаванага, які двойчы рэзаў сабе вены.
- На свае папярэднія звароты ў пракуратуру з нагоды правакацыі я не атрымала ніякай рэакцыі. Гэта свежае пакаранне, як я разумею, ёсць працяг правакацыі. Правакуюць, а потым за гэта саджаюць у карцар. Мне становіцца цалкам відавочным, што пацвярджаюцца чуткі, якія мы атрымлівалі раней, аб тым, што яны спрабуюць падрыхтаваць Мікалая да павелічэння тэрміну пакарання па 411 артыкуле, - паведаміла Марына Адамовіч.
Артыкул 411 Крымінальнага кодэксу «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі выпраўленчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі» можа дадаць да тэрміну яшчэ год.
- Калі Мікалая перавялі ў Магілёўскую турму, і высветлілася, што ён у ШІЗА, мы з адвакатам накіраваліся да начальніка турмы, і ад яго я пачула, што Мікалай «схільны да суіцыду». На той момант як раз была вядомая інфармацыя пра Аўтуховіча. Таму я падумала, што ён проста пераблытаў, - успамінае Марына Адамовіч.
Але цяпер жонка палітвязня Мікалая Статкевіча зноў атрымлівае падобную інфармацыю пра спробы суіцыду. Жанчына сур'ёзна баіцца за жыццё сваё мужа.
- Напэўна, у іх ёсць такая «хатняя нарыхтоўка», каб у крайнім выпадку мець магчымасць апраўдаць свае дзеянні, - адзначае Марына Адамовіч. - Я нават не ведаю, што я буду рабіць, куды я буду звяртацца. Я ўжо не разумею, у якія інстанцыі можна звярнуцца. Амністыі дачакаліся, што будзем чакаць далей - невядома.
Нагадаем, згодна з прысудам суда Ленінскага раёна Менска ад 26 мая 2011 года Мікалай Статкевіч павінен быў адбыць 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Аднак, пасля паловы тэрміну, рэжым ягонага ўтрымання стаў больш жорсткім - Статкевіча перавялі ў Магілёўскую турму.