Берасцейцы працягваюць змагацца з незаконнай будоўляй
- 30.06.2012, 14:35
Жыхары некалькіх дамоў па вуліцы Суворава ў Брэсце працягваюць барацьбу супраць будаўніцтва двухпавярховага будынка на прыдваровай тэрыторыі.
Яны лічаць, што пры ўзвядзенні гэтага аб'екта парушаюцца ўсе існыя нормы (будоўля вядзецца ў непасрэднай блізкасці ад жылых дамоў), а сацыяльнае прызначэнне гэтага будынка - аптэка - пасля завяршэння будаўніцтва можа вельмі хутка змяніцца.
Нягледзячы на тое, што ранейшыя заклікі перыядычна знікаюць з агароджы, якую паспелі ўсталяваць будаўнікі (ці тое дождж з ветрам вінаватыя, ці тое хтосьці мэтанакіравана зрывае гэтыя абвесткі і плакаты), яны з'яўляюцца ізноў ледзь ці не кожны дзень.
Пры гэтым, як стала вядома charter97.org, пратэст пашыраецца: зборы подпісаў супраць будоўлі вядуцца ўжо не толькі сярод жыхароў дамоў, размешчаных па суседстве, але і па ўсім мікрараёне «Кавалёва». Рашучасці ім дадае гісторыя, якая здарылася некалькі год таму. Тады ў гэтым жылым сектары прадстаўнікі брэсцкіх уладаў паабяцалі спытаць меркаванне людзей на конт узвядзення радыё- і тэлекамунікацыйных збудаванняў. Аднак пасля таго, як большасць жыхароў мікрараёна катэгарычна выказаліся супраць узвядзення падобных аб'ектаў, іх проста падманулі: вышка аператара сотавай сувязі была ўсталяваная ўначы непасрэдна каля жылых будынкаў. Пасля высветлілася, што побач з гэтай вышкай размяшчалася магіла з помнікам, усталяваным на месцы расстрэлу фашыстамі сем'яў воінаў Чырвонай арміі. У час так званага «добраўпарадкавання» мікрараёна гэтую магілу банальным чынам зруйнавалі бульдозерам наўпрост на вачах у людзей. Нягледзячы на тэлефанаванні і звароты ніхто тады з прадстаўнікоў уладаў не адгукнуўся і не перашкодзіў блюзнерскім дзеянням.
Мяркуючы па ўсім, зараз так проста здавацца жыхары вуліцы Суворава не хочуць...