Міліцыянты абрабавалі маладафронтаўцаў
- 4.06.2012, 19:44
Пакуль актывісты «Маладога фронту» былі ў турме, іх выселілі з кватэры, а міліцыя забрала ўсе асабістыя рэчы.
Падчас апошняй адседкі актывістаў «Маладога фронту» выселілі з арэндаваных кватэр пад ціскам КДБ, паведамляе «Еўрарадыё». Напрыклад, гаспадыні кватэры, дзе жыў Мікалай Дземідзенка, было сказана, што хлопец «спажывае траўку і арганізаваў у кватэры бардэль».
Паплечнікі маладафронтаўцаў вырашылі загадзя вывезці рэчы сяброў. Атрымалася сабраць толькі адную машыну з рэчамі, падчас ад'езду другой прыехалі міліцыянты. У выніку кіроўца машыны Зміцер Ясевіч быў затрыманы на 3 гадзіны, а міліцыянты апісалі і забралі ўсе рэчы.
Гэта былі рэчы выключна асабістага карыстання - адзенне, ніжняя бялізна, касметыка. У сувязі з гэтым пасля выхаду з турмы Мікалаю Дземідзенка літаральна не было ў што пераапрануцца. У бліжэйшы час хлопцы будуць намагацца вярнуць свае пажыткі.