Прыхільнікі байкоту заклікаюць дзейнічаць
- 8.06.2012, 10:48
Звычайныя беларусы, якія не з'яўляюцца сябрамі палітычных партый, заклікаюць да байкоту «выбараў».
Пакуль палітыкі спрачаюцца пра сваё стаўленне да «парламенцкіх выбараў», грамадзяне краіны пачынаюць самаарганізоўвацца.
У Беларусі з'явілася група «Байкот», якая ўжо праводзіць вулічныя акцыі і распаўсюджвае газеты і ўлёткі, у якіх тлумачыць бессэнсоўнасць ўдзелу ў выбарчым фарсе, які запланаваны на восень 2012 года.
Удзельнікі групы прапануюць прыхільнікам байкоту дзейнічаць разам і каардынаваць свае дзеянні. Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце boikot.info.
«Мы - звычайныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, мы не належым ні да адной з палітычных партый. Мы не давяраем палітыкам ад апазіцыі, якія не ў стане дамовіцца аб фармаце ўдзелу або няўдзелу ў будучых «парламенцкіх выбарах», - гаворыцца ў ім.
Група запрашае прыхільнікаў байкоту да супрацоўніцтва. «Нам важныя любыя ідэі», - кажуць яе ўдзельнікі.