Уладзімір Кобец: Кансервацыя рэжыму Лукашэнкі прыводзіць да лукашэнізацыі ўсяго рэгіёну
- 8.06.2012, 13:19
Сустрэчу з кіраўніком ведамства федэральнага канцлера Германіі Рональдам Пофала пракаментаваў яе ўдзельнік, былы кіраўнік выбарчага штаба Андрэя Саннікава Уладзімір Кобец.
- 7 чэрвеня на сустрэчы з Рональдам Пофала, дзе прысутнічалі лідары палітычных партый і арганізацый Беларусі, я адзначыў, што адбываецца тое, пра што мы папярэджвалі шмат гадоў таму, у прыватнасці, лукашэнізацыя ўсяго рэгіёну. Мы папярэджвалі ЕЗ, што трэба вырашаць беларускае пытанне, паколькі кансервацыя рэжыму Лукашэнкі прыводзіць да лукашэнізацыі ўсяго рэгіёну - Украіны і Расеі. Магчыма, гэтае пытанне складанае, але яно ключавое.
Акрамя таго, мной было ўзнятае пытанне аб беларускіх цэнтрах за мяжой, і была праведзеная гістарычная паралель, калі менавіта дыяспара дала Літве Валдаса Адамкуса, Эстоніі - Томаса Ілвеса і іншых вядомых палітычных дзеячоў, - сказаў палітык сайту charter97.org.
На сустрэчы Уладзімір Кобец таксама падняў пытанне адмены Еўразвязам візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі.
«Неабходна развязаць гэтае пытанне з пытаннем рэадмісіі і не чакаць сустрэчных крокаў з боку рэжыму. Адмяніць візы можна ў аднабаковым парадку. Мы жывем у 21 стагоддзі і няма нічога немагчымага», - сказаў Кобец.