Лукашэнка да 18 чэрвеня прызначыць дату «выбараў»
- 8.06.2012, 14:25
Аляксандр Лукашэнка да 18 чэрвеня прыме рашэнне аб даце правядзення «парламенцкіх выбараў».
Тэрміны правядзення і падрыхтоўка да «выбарчай» кампаніі абмяркоўваліся 8 чэрвеня ў час працоўнай сустрэчы Лукашэнкі са старшынёй Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіяй Ярмошынай, паведамляе БелТА.
Кіраўніку былі прадстаўленыя прапановы па тэрмінах выбарчай кампаніі і даце прызначэння выбараў. Як адзначыла Лідзія Ярмошына, па заканадаўстве «выбары» «дэпутатаў» «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» павінныя прайсці не пазней за 23 верасня, а «выбары» сябраў савета Рэспублікі павінныя адбыцца да 30 верасня. Пры гэтым калі «выбары» у «палату прадстаўнікоў» пройдуць у адзін дзень і будуць адзінымі па ўсёй краіне, то сябры савета Рэспублікі выбіраюцца «дэпутатамі» мясцовых саветаў у абласцях, а таму іх «выбары» могуць адбыцца ў розныя дні.
- Я да гэтага часу лічу, што мы ў гэтым годзе не павінныя ні пад каго падстройвацца, - заявіў на сустрэчы дыктатар. - Вы ўжо пераканаліся па мінулых нашых падобных мерапрыемствах, што падзякі мы ад гэтага не атрымаем. Ды і не трэба нам ні ад каго «падзякі». Нам трэба арыентавацца на ўласнае заканадаўства і Канстытуцыю. Мы «парламенцкія выбары», як і іншыя, праводзім дзеля сябе, дзеля нашай дзяржавы, і народ павінен у сумленнай і канкурэнтнай барацьбе вызначыць, хто будзе працаваць у нашым «парламенце».
У бліжэйшы час Лукашэнку для разгляду паступяць праекты ўказаў аб прызначэнні «выбараў». Пачатак «выбарчай» кампаніі адзначыцца правядзеннем нарады, на якую будуць запрошаны кіраўнікі рэгіёнаў Беларусі, а таксама тых дзяржаўных органаў, якія маюць дачыненне да правядзення «выбараў».
Акрамя таго, на працоўнай сустрэчы абмеркаваныя пытанні фінансавання «выбарчай кампаніі». У выпадку правядзення двух поўнамаштабных тураў выдаткі на выбары складуць 93 млрд. рублёў. На першы тур запланаваныя 76 млрд. рублёў.
Навіной цяперашняй «выбарчай» кампаніі стане тое, што кандыдаты ў «дэпутаты» атрымаюць магчымасць удзельнічаць у дэбатах, якія можна будзе арганізаваць як у тэле-, так і ў радыёэфіры.
Па словах кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай, выбарчае заканадаўства напярэдадні «парламенцкіх выбараў» змяняцца не будзе, бо, па-першае, гэта немагчыма па тэрмінах, а па-другое, такі падыход цалкам адпавядае рэкамендацыям АБСЕ аб непажаданасці рэформ у гэтай сферы на працягу года перад пачаткам «выбарчай» кампаніі. «У студзені 2010 года ў выбарчае заканадаўства былі ўнесены змены, якія значна дэмакратызавалі «выбарчы» працэс у нашай краіне. Уся гэтая працэдура прайшла ў адпаведнасці з рэкамендацыямі АБСЕ», - сказала кіраўніца ЦВК.