BE RU EN

Па ўсёй краіне ў акруговыя выбаркамы ўключана ўсяго 48 апазіцыянераў

  • 10.07.2012, 11:06

Па папярэдніх дадзеных, у акруговыя выбарчыя камісіі ў Беларусі ўключана 48 прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый.

Пра гэта БелаПАН паведаміў каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч.

Так, у Магілёўскай вобласці створана 13 акруговых выбарчых камісій, у якія вылучаўся 251 чалавек. Ад дэмакратычных сіл вылучаліся 32 чалавекі. Трапілі ў склад акруговых выбарчых камісій толькі тры чалавекі: два прадстаўнікі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» і адзін - Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

У Брэсцкай вобласці таксама створана 13 акруговых выбарчых камісій па 13 чалавек у кожнай. У камісіі патрапілі восем сяброў «Справядлівага свету», два прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), тры сябра АГП і два сябра Партыі БНФ.

У Віцебскай вобласці сфарміравана 14 акруговых камісій па 13 чалавек у кожнай. Было заяўлена 243 кандыдатуры на 162 месцы. У акруговыя камісіі ўключаны два чалавекі ад Партыі БНФ і чатыры - ад «Справядлівага свету».

У акруговыя камісіі ў Гродзенскай вобласці было вылучана 243 чалавекі, у склад камісій увайшло 169 чалавек, гэта значыць па 13 чалавек у 13 камісіях. У іх трапілі тры чалавекі ад партыі «Справядлівы свет».

У Гомельскай вобласці было сфарміравана 17 акруговых выбарчых камісій па 13 чалавек у кожнай. У іх патрапілі два члены «Справядлівага свету» і адзін прадстаўнік Партыі БНФ.

У Менскай вобласці ў 20 акруговых выбарчых камісій прайшлі два сябра Партыі БНФ, адзін прадстаўнік АГП і адзін сябар «Справядлівага свету».

У Менску сфарміравана 20 выбарчых акругаў. У склад акруговых выбарчых камісій уключана 260 чалавек. З іх сем чалавек ад «Справядлівага свету», чатыры - ад Партыі БНФ, адзін - ад АГП, адзін - ад БСДП (Грамада) і адзін - ад Беларускай партыі «Зялёныя».

«Фарміраванне камісій прайшло як заўсёды - сказаў Стэфановіч, каментуючы гэтыя вынікі. - У большасці выпадкаў персанальны склад камісій не абмяркоўваўся, галасаванне праходзіла спісам. Так што нічога новага з боку ўлады мы не назіралі».

Што тычыцца прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, то Стэфановіч адзначыў іх ўзрослую актыўнасць падчас гэтых парламенцкіх выбараў. «Калі ў 2008 годзе апазіцыйныя партыі вылучылі 118 чалавек у камісіі, то ў гэтым - 199. У 2008 годзе іх доля ў камісіях склала 2,2%, а цяпер - 3,3%», - сказаў Стэфановіч.

Апошнія навіны