Бабруйскім забастоўшчыкам пагражаюць звальненнямі
- 10.07.2012, 11:43
Людзі настроеныя ісці да канца, бо сэнсу спыняцца няма.
Безвынікова пакуль для работнікаў Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў, якія 10 ліпеня адмовіліся працаваць у знак пратэсту супраць памяншэння заробкаў, скончыліся перамовы з адміністрацыяй прадпрыемства, перадае «Радыё Свабода».
Аб гэтым паведаміў адзін з работнікаў цэха зборкі трактароў, які хадзіў да начальства завода. Па словах рабочага, на спробу высветліць прычыны недаплаты зарплаты прадстаўнікі адміністрацыі адказалі пагрозамі:
«Становішча цяпер у нас напружанае. Нам пагражаюць. Запалохваюць нават звальненнем. Мы хадзілі да начальства. Нас абклалі мацюкамі. Аднаго чалавека ўжо перавялі ў іншы цэх, хочуць таксама і яшчэ аднаго. Людзі настроеныя ісці да канца, бо сэнсу спыняцца няма».
Нагадаем, на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў дзве брыгады цэха зборкі трактароў 9 ліпеня адмовіліся працаваць.
Падставай для пратэсту стала памяншэнне заробку, працоўных пазбавілі даплат на 45 працэнтаў, пры гэтым ніякага азнаямлення ні з якімі загадамі не было. Адмовіліся працаваць каля дваццаці чалавек.
Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў вырабляе намэнклятурныя вузлы для ўсёй лінейкі трактароў Менскага трактарнага завода. Прадпрыемства з'яўляецца адным з самых паспяховых у Бабруйску. На ім працуе больш за тры з паловай тысячы чалавек.