«Камуналка» зноў даражэе
- 10.07.2012, 12:07
Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі ў Беларусі да канца 2012 года плануецца павысіць.
Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Анатоль Шагун.
Урад вызначыў тарыфную палітыку на 2012 год у разліку павышэння коштаў нібыта на $5 для стандартнай двухпакаёвай кватэры з трыма прапісаннымі чалавекамі. Зыходзячы з гэтага, можна вызначыць, што ў тым жа дыяпазоне трэба чакаць павышэння тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі да канца года, адзначыў Анатоль Шагун.
Пры гэтым ён не назваў канкрэтныя тэрміны магчымага павышэння, хоць няма сумневаў, што $5 яно хутчэй за ўсё не абмяжуецца.
Намеснік міністра таксама паведаміў, што па дзеючых з 1 чэрвеня тарыфах пакрыццё выдаткаў насельніцтвам жыллёва-камунальных паслуг складае ў сярэднім 15%. Электраэнергія і газ у гэты паказчык не ўваходзіць, удакладніў ён.