Няпрошаны госць
- 11.07.2012, 19:47
АБСЕ не запрашала Ярмошыну ў Вену.
Пра гэта распавёў «Еўрарадыё» прэс-сакратар БДІПЧ АБСЕ Томас Рымер.
«Магу пацвердзіць, што Ярмошына зарэгістравалася на мерапрыемства. Але яна не атрымлівала запрашэння ад АБСЕ. Удзел у мерапрыемстве свабодны для грамадскасці і асоб, якія прадстаўляюць НДА. Любы зацікаўлены, хто можа ўнесці свой уклад, можа зарэгістравацца онлайн, а потым наведаць канферэнцыю», - сказаў ён.
На думку Томаса Рымера, аб шэнгенскай візе Лідзіі Ярмошынай «лепш спытаць у аўстрыйскім урадзе, які вырашае, выдаваць візу ці не». Рымер выказаў меркаванне, што Лідзія Ярмошына і Мікалай Лазавік маглі атрымаць візы ў аўстрыйскім пасольстве ў Менску. Цікава, што ў Менску ёсць толькі аўстрыйскае консульства, якое не займаецца выдачай віз.
Як раней паведамляў сайт charter97.org, неўязныя у ЕЗ старшыня беларускага Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, а таксама сакратар арганізацыі Мікалай Лазавік атрымалі шэнгенскія візы. Як сказаў Мікалай Лазавік, іх афіцыйна запрасілі ў Вену на канферэнцыю АБСЕ «Дэмакратычныя выбары і назіранне за імі», якая пройдзе 12-13 ліпеня.
Пазней Мікалай Лазавік адмовіўся ехаць у Вену. А Лідзія Ярмошына заявіла, што ў гэтым годзе Цэнтрвыбаркам паставіў умову: «альбо ад Беларусі ў нарадзе будзе ўдзельнічаць кіраўніцтва ЦВК, альбо ніхто».