BE RU EN

Амбасады адхрышчваюцца ад выдачы візы Ярмошынай

  • 12.07.2012, 13:28

Амбасадары краін ЕЗ не прызнаюцца, хто даў візу старшыні ЦВК Беларусі.

Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына ўдзельнічае ў нарадзе АБСЕ «Дэмакратычныя выбары і назіранне за іх правядзеннем», якая праходзіць у Вене, перадае «Радыё Свабода».

Як паведамілі ў ЦВК, Ярмошына вернецца ў Менск 13 ліпеня.

Лідзія Ярмошына ўключана ў спіс неўязных на тэрыторыю Еўразвяза.

У ганаровым консульстве Аўстрыі ў Менску патлумачылі, што консульства не мае права выдаваць візы і не займаецца візавымі пытаннямі. Візы для беларускіх грамадзян, калі яны кароткатэрміновыя, выдае амбасада Германіі ў Менску. А нацыянальную візу, якая дазваляе вучыцца і працаваць у Аўстрыі, выдаюць у амбасадзе Аўстрыйскай Рэспублікі ў Маскве. У ганаровым консульстве ў Менску растлумачылі, што не маюць інфармацыі аб тым, хто мог выдаць візу Ярмошынай.

У амбасадзе Аўстрыі ў Маскве сказалі, што ў іх прозвішчы Ярмошынай у спісах няма, але візу маглі выдаць у нямецкай амбасадзе ў Менску.

У амбасадзе жа Германіі ў Менску растлумачылі, што там не маюць ніякай інфармацыі па гэтым пытанні і нічога не могуць паведаміць.

Апошнія навіны